«КА́ТОРГА И ССЫ́ЛКА»,
гістарычны часопіс, орган Усесаюзнага т-ва б. паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, які выдаваўся ў Маскве ў 1921—35. Асн. раздзелы: гісторыя рэв. руху ў Расіі; катарга, турма, ссылка і эміграцыя; некралогі; бібліяграфія; хроніка. Друкаваў даследчыя артыкулы (сярод аўтараў М.М.Дружынін, М.В.Нечкіна, Я.В.Тарле), мемуары, архіўныя матэрыялы. Ёсць публікацыі (пераважна ўспаміны) пра Цётку і А.Л.Бурбіса (1923, № 5), Курлоўскі расстрэл 1905 (1926, № 4), паўстанне 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве (1924, № 3) і інш. матэрыялы з бел. гіст.-рэв. тэматыкі. Рэдактары: У.Дз.Віленскі (Сібіракоў; 1923—27), Ф.Я.Кон (1927—29), І.А.Тэадаровіч (1929—35). Выйшла 116 нумароў.
т. 8, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)